Знайсці
05.12.2021 / 10:04РусŁacБел

Як хутчэй звыкнуцца з новай краінай і што ўплывае на адаптацыю эмігранта? Тлумачыць псіхолаг

Зараз немагчыма сказаць, колькі людзей пакінулі Беларусь пасля выбараў-2020. Ясна адно — размова як мінімум пра дзясяткі тысяч чалавек. Шмат для каго пераезд аказаўся паспешным і непадрыхтаваным, хапае і тых, хто бяжыць ад катаванняў і пераследу. Пагутарылі з псіхолагам Мілай Іваноўскай пра тое, як цяжкія абставіны ўскладняюць перажыванні пераездаў і праз што праходзіць эмігрант.

Фота ria.ru

Як мы прызвычайваемся да іншай культуры

Кожны, хто трапляе ў новую краіну, праходзіць праз асноўныя этапы адаптацыі. Эксперты па-рознаму ацэньваюць іх працягласць, але, як тлумачыць Міла, сапраўдная адаптацыя можа заняць вялікі час — да 5-10 гадоў.

Змены, што адбываюцца з чалавекам у першыя год-два пасля пераезду, самыя бачныя звонку. Чалавек толькі пераехаў у іншую краіну, яму ўсё незразумела. У яго часта змяняецца настрой, шмат хто з эмігрантаў у пачатку пакутуе на дэпрэсію.

Але нават потым, калі такі чалавек ужо трохі прызвычаіўся да новай культуры і адчувае сябе лепей, ён працягвае змяняцца, бо мяняецца яго ідэнтычнасць. Мы пачынаем разумець, хто мы і якія мы, у вельмі раннім узросце, яшчэ да пяці-сямі гадоў. Першасная адаптацыя да новай культуры не закранае гэтыя ўстаноўкі, але ў далейшым змяняюцца і яны. Часта гэта датычыцца рэчаў, якія мы нават не ўсведамляем, бо яны захаваныя ў нашай псіхіцы на надта глыбокім узроўні.

Канешне, абставіны эміграцыі ўплываюць на тое, як чалавек сябе адчувае пасля пераезду, — расказвае псіхолаг. — Справа не толькі ў тым, наколькі пераезд вымушаны, але і ў наяўнасці блізкіх каля вас, калі вы пакідаеце краіну.

Зараз мы сутыкаемся з вымушанай эміграцыяй. Магчыма, нехта з тых, хто з’ехаў пасля жніўня 2020 года, збіраліся некалі ў жыцці эміграваць, але не ўсе думалі з’язджаць з краіны менавіта зараз.

Міла Іваноўская. Фота спікера.

Калі чалавеку даводзіцца так хутка пераязджаць, ён не можа належным чынам да гэтага падрыхтавацца. Будучы эмігрант не мае часу на тое, каб вывучыць мову сваёй новай краіны, вырашыць усе пытанні на радзіме, падрыхтаваць нейкі падмурак да свайго жыцця на новым месцы.

У дадатак, пераезд — гэта, як сведчыць псіхолаг, дастаткова моцнае ўзрушэнне. Калі чалавек пераязджае свядома, ён мае матывацыю, каб перажыць усе звязаныя з гэтым праблемы, ён ведае, навошта пераязджае. Калі ж такой матывацыі няма, чалавеку больш складана перажываць цяжкія моманты.

Этапы адаптацыі

Спачатку чалавек прызвычайваецца да зменаў у побыце. Ён вырашае самыя простыя праблемы: шукае, дзе зняць жыллё, дзе знаходзіцца магазін, як купіць талончык на аўтобус і г.д. Пры гэтым новаспечанаму мігранту яшчэ і трэба займацца сваёй легалізацыяй, рыхтаваць дакументы, каб знаходзіцца ў новай краіне законна. Гэта вельмі цяжкі этап, калі чалавек праходзіць праз вялікую колькасць сустрэч з нечым новым, бо новым для яго аказваецца практычна ўсё.

У самым пачатку чалавек часам нават не разумее, колькі ўсяго яму трэба вывучыць у будучыні. Яму здаецца, што трэба вырашыць проста неверагодную колькасць пытанняў, і гэта прымушае адчуваць вялікі стрэс.

Недзе праз год пасля пераезда у мігранта пачынаецца так званая культурная інтэграцыя. У гэты час, калі чалавек жадае адаптавацца да новай краіны, яму прыходзіцца вывучаць яе традыцыі, звычаі, часам нават анекдоты і прыказкі.

  • Размова пра культурныя рэаліі, рэчы, якія чалавек з іншай краіны наўрад ці зразумее — напрыклад, жарты на тэму «Іроніі лёсу» ў краінах былога СССР, — распавядае Міла. — Гэтая частка адаптацыі праходзіць доўга, і не ўсе цалкам засвойваюць новую культуру. Гэты этап больш спакойны, чым першы, але чалавек усё роўна адчувае адрозненні паміж сабой і людзьмі навокал.

Тым, хто прыязджае да такога мігранта ў госці, можа здавацца, што ён цалкам уладкаваўся ў новай краіне, аднак сам чалавек дастаткова моцна адчувае, што пакуль усё не так проста. Шмат залежыць і ад акружэння, і вось які прыклад прыводзіць псіхолаг.

Калі жанчына выходзіць замуж за чалавека з іншай краіны і пераязджае адразу ў сям’ю, яна здолее лепей засвоіць іншую культуру, чым людзі, што пераязджаюць самі па сабе. У яе партнёра ёсць сям’я, сябры, і такое акружэнне можа дапамагчы хутчэй засвоіць новую культуру. Чужая дапамога не можа цалкам пазбавіць ад перажыванняў, бо чалавек усё роўна вымушаны адаптавацца да новай рэальнасці. Калі ж у новай краіне няма ні блізкіх, ні сяброў, перасяленцу даводзіцца будаваць новае жыццё самастойна.

Нарэшце, трэці этап — асіміляцыя ці інтэграцыя ў новае грамадства. Яна можа адбывацца двума шляхамі. Чалавек можа стаць зусім сваім, нібыта мясцовым жыхарам, або ж захоўваць у сабе прызнакі іншай культуры, але пры гэтым вельмі добра ведаць новую культуру. Чым большая розніца паміж старой культурай і новай, тым больш цяжка дасягнуць такой асіміляцыі.

Ці трэба разлічваць на хуткае вяртанне на радзіму?

Шмат хто з беларусаў, калі пакідаў краіну, разлічваў хутка туды вярнуцца. Такім людзям больш складана, чым тым, хто прымае цвёрдае рашэнне пераехаць надоўга і не чакаць ніякіх зменаў у Беларусі. Нашай псіхіцы даволі цяжка перанасіць нейкія часовыя і нестабільныя падзеі, перажываць няпэўнасць.

Таму, раіць Міла, варта прыняць для сябе рашэнне: я з’язджаю і хаця б нейкі час будую сваё жыццё ў новым месцы. Калі вы гэтага не робіце, вы не жывеце ў старой краіне, але пры гэтым і не пачынаеце ўладкоўваць сваё жыццё ў новай, вы нібыта завісаеце паміж дзвюмя краінамі. Пераезд — гэта і так з’ява, што прымушае адчуваць няпэўнасць, а нежаданне звыкнуцца з ім яшчэ і пагаршае стан эмігранта. Такія людзі трацяць вельмі шмат сілаў на жыццё ў няпэўнасці і праз нейкі час проста стамляюцца.

З майго вопыту, калі прыняць рашэнне засяродзіцца на новай краіне, гэта паляпшае стан чалавека, — сведчыць Міла. — Тады эмігрант пачынае шукаць належнае жыццё, уладкоўваць дзяцей, ён супакойваецца і інтэгрыруецца ў жыццё, якое працягвае ісці.

Калі ж чалавек вельмі моцна прывязаны да жыцця ў мінулай краіне, то ён можа падтрымліваць сувязь з знаёмымі, што там засталіся. Першы час можа здавацца, што ўсё нармальна. Але потым заўважаеш, што людзі на радзіме працягваюць жыць, ладзяць святы і гэтак далей, але ж эмігрант апынуўся па-за межамі гэтага жыцця. Тады трэба ўладкоўвацца ў тое жыццё, якое даступнае зараз, у навакольнае жыццё.

Што можа ўскладніць стан эмігранта?

Ёсць розніца ў тым, як абжываюцца на новым месцы людзі, што прыехалі з сям’ёй, і людзі, што пераехалі ў новую краіну самі па сабе. Цікава, што абедзве гэтыя катэгорыі эмігрантаў, як сведчыць Міла, зайздросцяць адна адной. Тыя, хто не мае ні сям’і, ні нейкіх адносінаў, баяцца, што будуць вымушаныя адны спраўляцца з усімі цяжкасцямі і не здолеюць іх з кімсьці раздзяліць, і ў нечым яны маюць рацыю.

З іншага боку, калі пераязджае сям’я, вырастае колькасць пытанняў, што трэба вырашыць. Напрыклад, бацькам трэба некуды ўладкаваць дзяцей на новым месцы, таксама трэба зрабіць належныя ўмовы жыцця і працы для абодвух партнёраў.

Можа аказацца і так, што не атрымаецца сапраўды раздзяліць свае перажыванні з партнёрам, бо ён не можа справіцца з уласнымі хваляваннямі. Тое, што трэба нам, каб справіцца са стрэсам, можа не супадаць з патрэбамі партнёра, і тады мы будзем мець справу яшчэ і з канфліктамі ў адносінах.

Міла называе яшчэ адну з’яву, што можа ўскладніць стан цяперашніх эмігрантаў з Беларусі. Гэта памяць пра рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў іх роднай краіне.

Справа ў тым, што частка нашай ідэнтычнасці звязаная з месцам, адкуль мы родам і дзе мы выраслі. Калі гэтая краіна мае ў нашых вачах станоўчы вобраз, то пасля пераезда памяць пра гэты вобраз нас падпітвае. Але ж зараз беларусы, што пакідаюць сваю краіну, часта асацыіруюць яе хутчэй з пераследам і катаваннямі.

Такія людзі могуць, з аднаго боку, адчуваць, што гэта іх краіна і радзіма, але пры гэтым ставіцца да яе як да нечага непрыемнага, перажываць боль ці сорам. Але ж наша радзіма — гэта частка нашай ідэнтычнасці. Атрымоўваецца, што чалавек не любіць сваю краіну і праз гэта не любіць ці саромеецца часткі сябе.

Не ўсе людзі задумваюцца пра гэта кожны дзень, але яны як мінімум перапрацоўваюць такое стаўленне да радзімы недзе ў глыбіні псіхіцы. У выніку гэта ўплывае на самога чалавека і на яго самаацэнку. Чалавек можа лічыць сябе горшым, чым прадстаўнікі іншых нацый, менш дастойным.

Як палегчыць сабе адаптацыю?

Па-першае, эмігрант абавязкова сутыкаецца з сацыяльнай дэпрывацыяй. На новым месцы ён мае вельмі мала знаёмых, а тыя кантакты, што ў яго ёсць, носяць надта павярхоўны характар.

Таму, як раіць Міла, трэба шукаць людзей, што маглі б вас падтрымаць, з кім можна было б гутарыць. Падыдуць нават тыя, хто застаецца ў роднай краіне, але з кім можна камунікаваць праз відэасувязь ці званкі. Аднак паралельна з гэтым трэба шукаць і на новым месцы тых, з кім можна было б будаваць сацыяльныя сувязі. Магчыма, спачатку гэта былі б не зусім такія людзі, якія б хацелася бачыць каля сябе, але ж у час адаптацыі нас могуць падтрымаць зносіны з любым чалавекам.

І па-другое, трэба спрабаваць максімальна ўбудавацца ў новае жыццё. Пачынаць можна з зусім простых рэчаў — напрыклад, знайсці любімую кафейню, выбраць найбольш зручны шлях да працы. Калі мы маем на новым месцы нешта сваё, знаёмае, нам робіцца нашмат лягчэй жыць.

Спецыяліст рэкамендуе не ставіць вялікія мэты падчас адаптацыі. Лепей вывучаць новую тэрыторыю паступова, крок за крокам. Нарэшце, трэба даць сябе час і не спяшацца звыкнуцца з новай краінай як мага хутчэй. Варта берагчы сябе і не гнаць сябе наперад, мець на ўвазе, што псіхіка зараз перапрацоўвае вельмі шмат. Пачынаць трэба з маленькіх крокаў.

Вяртанне і зваротная адаптацыя

Прыняць рашэнне вярнуцца на радзіму бывае цяжка, бо, згодна са стэрэатыпамі, з эміграцыі вяртаюцца тыя, у каго нешта не атрымалася. Таму першы элемент зваротнай адаптацыі — справіцца з гэтым стэрэатыпам. Для гэтага Міла раіць патлумачыць самому сябе, чаму вы вяртаецеся, і акружыць сябе людзьмі, здольнымі вас падтрымаць.

Яшчэ адна праблема ляжыць у тым, што, пакуль эмігрант адсутнічаў на радзіме, жыццё там таксама ішло. Таму, калі чалавек вяртаецца, ён вымушаны ўбудоўвацца ў гэтае жыццё нанава. Тое, як гэта праходзіць, залежыць ад таго, колькі часу чалавек правёў не дома і ці засталіся ў яго старыя сацыяльныя сувязі.

Па сутнасці, такі чалавек пражывае тую ж адаптацыю, што ён праходзіў падчас эміграцыі. У даным выпадку яна лягчэйшая, бо чалавек усё ж такі трапляе ў асяроддзе, у якім ён вырас. Але ж па вяртанні ён усё роўна вымушаны нанава шукаць сяброў, асэнсоўваць сябе і стаўленне да сваёй краіны. Дапамагае адчуванне вяртання да сваіх каранёў, да месца, дзе ты — свой.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера