Знайсці
29.11.2021 / 15:51РусŁacБел

Былы дыпламат распавёў пра ролю МЗС Беларусі ў перапахаванні Каліноўскага і іншых паўстанцаў у Вільні

Экс-дыпламат Павел Слюнькін, які звольніўся з МЗС пасля выбараў 2020 года, успамінае аб падрыхтоўцы перапахавання ў Вільні ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. 

Нядаўна ўрачыстай цырымоніі пахавання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні споўнілася два гады. Гэта навеяла цёплыя ўспаміны аб гістарычнай падзеі, у падрыхтоўцы якой мне пашчасціла паўдзельнічаць.

Памятаю той дзень, калі з гары Гедыміна сышоў верхні пласт грунту і пад ім выявіліся на той момант невядомыя парэшткі. Гісторыкі адразу ж агучылі сваю версію аб тым, што астанкі належаць удзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў. Памятаю сваё натхненне ў гэты момант, жаданне, каб Беларусь на афіцыйным узроўні прымала ўдзел ва ўсіх звязаных з гэтай тэмай пытаннях.

Памятаю і свой скепсіс, і ўсведамленне таго, што гэта наўрад ці адбудзецца праз пазіцыю людзей на самым версе ў дачыненні да гістарычнай ролі Каліноўскага, праз іх боязь злаваць Расію, праз нежаданне ўкладвацца ў гэтую «слізкую тэму».

Памятаю, як неаднаразова хтосьці наверсе «зарэзаў» гэтую тэму са словамі: «Навошта мы сюды лезем? Хай Літва сама разбіраецца!».

Але дзякуючы таму, што многія мае калегі ў пасольстве і МЗС адчувалі тое ж, што і я, нам разам усё ж удалося гэтага дамагчыся.

Памятаю, як мы ўпершыню наведалі месца раскопак, як пазнаёміліся з галоўным археолагам, з якім потым рэгулярна стэлефаноўваліся і сустракаліся.

Памятаю, як прыйшлі ў Віленскі ўніверсітэт і там разам з прафесарам Рымантасам Янкаўскасам абмяркоўвалі магчымасці ўдзелу беларускіх спецыялістаў у антрапалагічных даследаваннях.

Памятаю, як дамагліся, каб з Беларусі, нарэшце, прыехала экспертная група, якая асабіста пазнаёмілася з літоўскімі калегамі, вывучыла іх матэрыялы і наведала лабараторыі, месца раскопак, месца захоўвання парэшткаў і т.д. Некаторым нават пашчасціла патрымаць чэрап Каліноўскага ў сваіх руках.

Памятаю, як у дачыненні да асобы Кастуся не хапала генетычнай экспертызы, і мы з Вадзімам Кошманам абмяркоўвалі розныя варыянты дзеянняў, улічваючы, што магіла брата Каліноўскага ў Беларусі насіла выключна сімвалічны характар.

Памятаю, як у дачыненні да ўзроўню ўдзелу дэлегацыі Беларусі былі пастаянныя арэлі, якія то ўганялі ў дэпрэсію, то давалі сіл працаваць да ночы.

Памятаю, як Уладзімір Макей у адным з інтэрв'ю паабяцаў, што за Беларусь у гэтым пытанні не будзе сорамна. І гэта давала надзею, улічваючы, які звычайна ён скупы на абяцанні і як жорстка ставіцца да іх выканання. Гісторыя пра знішчэнне грамадзянскай супольнасці вам у пацверджанне.

Памятаю, як мы ўручалі ноту МЗС Літвы з просьбай, каб беларуская мова на роўных з літоўскай і польскай прысутнічала на ўсіх элементах мемарыяльных знакаў.

Памятаю, як абмяркоўвалі гэтае пытанне на прыёме ў нашай амбасадзе з віцэ-канцлерам урада Літвы Дэйвідасам Матулёнісам. І ён тады казаў пра тое, што па гэтым пытанні няма адзінства ні з літоўскага, ні з польскага боку. Але дзякуючы нашым калегам у МЗС Літвы, нашай дыяспары і нашай агульнай настойлівасці беларускую мову туды ўсё ж дадалі.

Памятаю, як пасля адной з сустрэч актывістаў нашай дыяспары з літоўскай афіцыйнай асобай у беларускіх СМІ зʼявілася нібыта яго цытата аб тым, што «Беларусь не выказвае ніякай зацікаўленасці ў дачыненні да раскопак і ўдзелу ў цырымоніі». Было гэта, дарэчы, праз некалькі дзён пасля таго, як на сустрэчы з гэтай жа службовай асобай мы афіцыйна ў чарговы раз пацвердзілі, што «Беларусь гатовая аказаць максімальнае садзейнічанне» па ўсіх пытаннях, звязаных з Каліноўскім і гатовая прымаць у гэтым самы актыўны ўдзел.

Памятаю, як я злаваўся тады з-за таго, што ў Мінску прынялі рашэнне не інфармаваць СМІ пра дэталі нашай працы па гэтай тэме. Праз гэта чытаў у навінах перманентныя «Беларусь ніяк не ўдзельнічае», «Беларусь не зацікаўленая», і хацелася ад адчаю разбіць манітор.

Памятаю, як стала вядома, што нашу краіну прадставіць віцэ-прэмʼер і як я радаваўся гэтаму, таму што ў апошнія дні здавалася, што ўзровень нашай дэлегацыі будзе значна ніжэйшым.

Памятаю, як з калегамі пісалі тэкст выступу і для нас было прынцыпова важна, каб у прамове беларускага прадстаўніка прагучаў пароль паўстанцаў пра «Люблю Беларусь!». На некаторых этапах бюракратычнай ланцужкі гэтую фразу з прамовы асобныя асцярожныя чыноўнікі выкрэслівалі, а потым іншыя, настойлівыя і патрыятычныя, зноў дадавалі. Дзякуй ім за гэта!

Памятаю, як у свой дзень нараджэння за дзень да цырымоніі (21 лістапада) да ночы сядзеў на працы і шчыра лічыў, што гэта самае крутое святкаванне з усіх магчымых. Таму што было адчуванне дачынення да чагосьці сапраўды важнага для нашай нацыі, гістарычнага і вялікага.

У гэты ж дзень мы завяршалі макет беларускага буклета да цырымоніі. Ён быў выкананы на беларускай і літоўскай мовах, і на ім у поўны рост быў намаляваны наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі. Я да гэтага часу захоўваю гэты буклет, які сам жа і рабіў, па сутнасці, на каленцы.

Памятаю, як назаўтра ўбачыў гэта мора беларусаў са сваёй гістарычнай сімволікай, якія запоўнілі ўсе вуліцы Вільні, і як лічыў, што лепшага падарунка да дня нараджэння проста немагчыма прыдумаць. А потым яшчэ і пачуў на цырымоніі ў храме тыя самыя словы пра «Люблю Беларусь! — Дык узаемна!» і ледзь не заплакаў ад гонару.

За гэтыя два з лішнім гады падрыхтоўкі да цырымоніі было шмат непрыемных момантаў, адчаю, дэпрэсіі, сораму. Я нават прасіў ад свайго імя выбачэнняў у Рымантаса Янкаўскаса за тое, што вынікі генетычнай экспертызы парэшткаў, знойдзеных пад надмагіллем Віктара Каліноўскага, Літве перадалі ў самы апошні момант. Хоць маглі значна раней.

Але аднаго дакладна ў нас не адабраць. Беларусь у гэтай цырымоніі ўдзельнічала: і на народным, і на афіцыйным узроўні. І мы як і нашы продкі ў 1863 годзе яе шчыра любім. І можам быць упэўненыя, што гэта ўзаемна.

P. S. Дарэчы, цікавы факт. З тых, беларускіх дыпламатаў, хто тады дамагаўся актыўнага ўдзелу нашай краіны ў працэсах па Каліноўскім, цяпер у МЗС засталіся працаваць адзінкі. Большасць альбо сышлі самі, альбо былі звольненыя за ўчынкі па сумленні.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера