Знайсці
15.08.2021 / 08:23РусŁacБел

Наклад — 700 тысяч без прымусовай падпіскі. Што стала з газетамі, якія чыталі ўсе беларусы

Расказваем, як моладзевая газета разыходзілася накладам 700 тысяч асобнікаў і звычайны ліст супраць рэферэндуму назаўсёды змяніў лёс звышпапулярняга парламенцкага выдання.

«Савецкая Беларусь»

Міхась Чарот

Газета «Савецкая Беларусь» пачала выходзіць у Смаленску ў 1920-м. Неўзабаве яна пераехала ў Мінск, але першыя пяць гадоў існавання не мела выразнага аблічча. Яе ўвесь час рабілі людзі, занятыя, акрамя газеты, іншымі важнымі справамі.

Усё змянілася ў 1925-м, калі выданне ўзначаліў паэт Міхась Чарот. Як пісала даследчыца Ганна Севярынец, менавіта ён здолеў

надаць выданню твар, «згуртаваць вакол яе яркіх публіцыстаў і ва ўмовах ідэалагічнага ціску і цэнзурнага кантролю зрабіць яе выданнем, дзе было магчымым апазіцыйнае выказванне».

Як пісала Севярынец, у газеце непазбежна з’яўлялася ідэалагічна вытрыманая аналітыка, шырока адлюстроўвалася палітыка ўлады. Але адначасова ўзрасла колькасць перадрукаў з замежнай прэсы, якія шырока адлюстроўвалі беларускі рух за мяжой.

У газеце з’яўляецца палітычная карыкатура, рубрыкі «Кіно», а таксама «Навука і тэхніка», у якой друкаваліся агляды дасягненняў еўрапейскай прамысловасці. Двойчы на месяц цэлая старонка, а іншы раз і разварот, аддавалася літаратарам:

свае творы ў газеце друкавалі Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Уладзімір Дубоўка, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Янка Купала, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны і іншыя творцы.

Але на рубяжы 1930-х пачаліся рэпрэсіі і змаганне з «нацыяналістамі». Матэрыялы пра беларускую нацыянальную культуру зніклі са старонак газеты. Яшчэ раней звольнілі Міхася Чарота, выданне шэльмавалі ў прэсе. У 1933-м выданне закрылі. Як піша Севярынец,

«звольніўшы і непаслухмянага рэдактара, і бунтоўных супрацоўнікаў, і нават машыністак».

А праз чатыры гады яе брэнд перадалі паслухмянай газеце «Рабочий», якая пачала выходзіць пад назвай «Советская Белоруссия».

«Знамя юности»

Аляксандр Класкоўскі

У савецкія часы ўсе беларускія газеты былі больш ці менш падобныя адна да адной. Усё змянілася, калі ў СССР пачалася перабудова і была аб’яўлена палітыка галоснасці. У 1988-м газету «Знамя юности» ўзначаліў журналіст Аляксандр Класкоўскі і зрабіў выданне самым папулярным у Беларусі. Максімальны наклад дасягаў 700 тысяч. Прычым, без ніякай прымусовай падпіскі.

Чаму так шмат?

Па словах Класкоўскага, газету шмат выпісвалі з-за межаў рэспублікі.

Выданне лічылася адным з самых цікавых моладзевых праектаў у Саюзе (пасля «Маскоўскага камсамольца»).

Яно каштавала танна — тры капейкі. Але самае галоўнае, газета была цікавай.

Класкоўскі прыбраў лозунг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», абавязковы для партыйных і камсамольскіх выданняў, на першай пасале замест пазначэння «орган ЦК ЛКСМБ» сталі пісаць «газета ЦК ЛКСМБ». Рэдакцыя нават дазваляла сабе крытыкаваць камсамольскіх босаў.

Тое ёй не даравалі.

У красавіку 1991 года Класкоўскага знялі з пасады, абвінаваціўшы ў тым, што газета стала стратнай. Насамрэч, адбылася «паўлаўская рэформа», кошты ўзняліся ў тры разы, а рэдакцыя, калі аб’яўляла кошты на падпіску, пра тое не ведала.

Другой прэтэнзіяй да Класкоўскага стаў адыход ад камуністычных ідэалаў. У рэальнасці «Знамя юности» было яркім выданнем часоў перабудовы.

Аляксандр Класкоўскі застаўся ў журналістыцы. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара «Народнай газеты» (пра яе ніжэй), з’яўляўся галоўным рэдактарам Naviny.by. працягвае друкавацца як палітычны аналітык.

Папулярнасць «Знамя юности» стала змяншацца. Зараз яна выдаецца ў складзе холдынга «СБ. Беларусь сегодня» і арыентуецца менавіта на моладзь, якая агулам не надта цікавіцца друкаванай прэсай.

«Народная газета»

Іосіф Сярэдзіч

У 1990 годзе ў Беларусі ўпершыню за савецкія часы адбыліся выбары на альтэрнатыўнай аснове. У Вярхоўным Савет 12 склікання трапіў і журналіст Іосіф Сярэдзіч, які тады працаваў у «Советской Белоруссии». Менавіта ён прапанаваў стварыць парламенцкае выданне, якое атрымала назву «Народная газета».

Хутка яно стала самым папулярным выданнем краіны, а наклад без ніякіх прымусаў дасягнуў касмічных лічбаў у 558 тысяч. Чаму?

Менавіта ў сценах парламента тады вырашаліся асноўныя пытанні, Вярхоўны Савет з’яўляўся адным з цэнтраў улады. Да таго ж Сярэдзіч публікаваў даваў слова ўсім: на старонках «Народнай» можна было прачытаць артыкулы і Зянона Пазняка, і Аляксандра Лукашэнкі.

У 1995 годзе апошні зняў Сярэдзіча з пасады галоўнага рэдактара. Падставай стала публікацыя ліста чытачкі супраць рэферэндума праз змену дзяржсімволікі і статуса дзяржаўнай мовы. Але такога права Лукашэнка не меў: прызначаць і здымаць галоўнага рэдактара мог толькі парламент. Пазней Канстытуцыйны суд прызнаў гэтае рашэнне незаконным, але яго ніхто не адмяніў.

Сярэдзіч заснаваў новае выданне — газету «Народная воля», якую ўзначальвае дагэтуль.

«Народная газета» засталася парламенцкім выданнем, але яе папулярнасць рэзка пайшла ўніз. Зараз яна выдаецца ў складзе холдынга «СБ. Беларусь сегодня». У снежні 2020-га змяніла дэвіз «Жыве Беларусь!» на «Жыві і квітней, Беларусь!»

«Свабода» 

Ігар Гермянчук

У 1902 годзе выйшаў адзіны нумар газеты «Свабода». У апошнія гады існавання СССР выданне вырашылі аднавіць. А з 1992-га галоўным рэдактарам стаў Ігар Гермянчук, які адначасова з’яўляўся дэпутатам парламента.

«Свабода» была ўнікальная газета яшчэ і ў тым сэнсе, што іншыя («Літаратура і мастацтва», «Навіны БНФ», БДГ, «Имя») арыентаваліся на нейкі сегмент грамадства — ці то на бізнэсоўцаў, ці на творчую інтэлігенцыю, ці яшчэ на некага, а выданне Герменчука было для ўсіх»,

— пісаў дэпутат Сяргей Навумчык.

Сапраўды, яго 30-гадовы калега здолеў зрабіць беларускамоўнае СМІ масавым выданнем. На піку наклад «Свабоды» складаў 93 тысячы асобнікаў.

Газета паслядоўна выступала супраць уладаў. Спачатку супраць прэм’ера Вячаслава Кебіча, потым супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Як вынік — супраць журналіста чатыры разы заводзілі крымінальныя справы за публікацыі пра прэзідэнта. А аднойчы нават стралялі: куля трапіла ў акно кухні, дзе Гермянчук звычайна любіў пісаць і рыхтаваць чарговы нумар «Свабоды».

У 1997-м газету закрылі. У наступным годзе Гермянчук стаў галоўным рэдактарам «Навінаў», якія сталі пераемніцай «Свабоды». Але потым шляхі Ігара і выдаўца газеты Ігара Жука разышліся.

Гермянчук паспеў заснаваць часопіса «Кур’ер», але ў 2002-м памёр ад анкалогіі. Яму было ўсяго 41 год. 

Улады спачатку забаранілі «Навіны», а потым яе пераемніцу, газету «Наша свабода», пасля чаго легендарнае выданне канчаткова сышло ў гісторыю.

«Белорусская деловая газета»

Пётр Марцаў

Дзяцінства Пятра Марцава прайшло ў доме па суседству з партыйнымі лідарамі Машэравым і Сурганавым. Выпускнік філфака БДУ, кіраўнік Студэнцкага тэатра эстрадных мініяцюр, журналіст БелТА — у пачатку 1990-х Марцаў стаў паспяховым бізнесоўцам.

Ён займаўся продажам машын і камп’ютараў, гандлем і будаўніцтвам, а таксама адкрыў інфармацыйнае беларускае агенцтва «МАРАТ», дзе прадаваў курсы валют і біржавыя зводкі». А каб публікаваць гэтыя дадзеныя, у 1992-м стварыў газету «Биржи и банки. Белорусская деловая газета».

Спачатку 90% інфармацыі займалі табліцы. Праз два гады з’явілася аналітыка, навіны пра палітыку і эканоміку.

На рубяжы дзевяностых-нулявых «БДГ» стала выданнем для эліты. Марцаў з гонарам цытаваў у інтэрв’ю выказванне Лукашэнкі, што той пачынаў дзень з чытання гэтай газеты.

Таксама Марцаў стварыў яшчэ два выданні, якія сталі надзвычай папулярнымі сярод чытачоў. Гэта «БДГ. Для служебного пользования», дзе публікавалася аналітыка, а таксама лангрыды-расследаванні, а таксама «Имя» — першы беларускі таблойд.

У 2006-м Марцаў спыніў выданне «БДГ». Да гэтага яго падштурнулі дзенні ўладаў:

выданне тры гады не магло друкавацца і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, яно стала стратным. Але сам бізнесмэн разумеў, што на той момант не меў шанцаў перамагчы.

Выдавец «БДГ» памёр у 2014-м ад вострага лейкозу. Яму было ўсяго 52 гады. Выданне дагэтуль працягвае існаванне як сайт. Але ўжо не мае такой папулярнасці, як газета.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера