Знайсці
09.06.2021 / 12:08РусŁacБел

«Патрыярх лічыць яго асабістай святыняй і прыязджае да яго маліцца». Дзе знаходзіцца Крыж Ефрасінні Полацкай?

Гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў напісаў кнігу «Офрасіння — Афрасіння — Еўфрасіння Полацкая. Яе час, яе Крыж» (выдавец — Раман Цымбераў). Ён упэўнены, што Крыж знаходзіцца ў маскоўскага патрыярха.

«Аб месцы, дзе знаходзіцца Крыж Еўфрасінні, мне казалі яшчэ ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў сябры, якія мелі пэўныя стасункі з, як кажуць, «адпаведнымі органамі». Два не знаёмыя паміж сабой чалавекі казалі прыблізна адно і тое ж:

«Чаго вы так носіцеся з гэтым Крыжам?! Ёсць ён, жывы. Ляжыць у Троіца-Сергіевай лаўры, у рызніцы маскоўскага Патрыярха. Патрыярх лічыць яго асабістай святыняй і прыязджае да яго маліцца.

Нашы «органы» і чыноўнікі пра гэта ведаюць. Некаторыя бачылі асабіста, калі дэлегацыя з Беларусі трапіла ў гэтую рызніцу паглядзець на слуцкія паясы», — піша ў кнізе Тарасаў.

Чаму гісторык прытрымліваецца такога меркавання?

У 1941 годзе крыж знаходзіся ў Магілёве, адкуль яго вывезлі на ўсход. Хутчэй за ўсё, яго давёз да Масквы Панцеляймон Панамарэнка, тагачасны кіраўнік БССР.

У 1945-м той жа Панамарэнка казаў наступнае: «Таварышы, я гэта кажу, каб зразумець, якім каштоўным багаццем культуры мы валодаем, пачынаючы з Богшы… Лазар Богша (…) зрабіў Крыж найтанчэйшай працы. Дзівосны твор».

Архівіст Віталь Скалабан, які знайшоў стэнаграму гэтага выступлення, заўважыў, што Панамарэнка быў не з тых, хто казаў невядома што: стэнаграмы ўласных прамоваў ён асабіста вычытваў і падпісваў. А тут ён кажа пра Крыж у цяперашнім часе. Значыцца, ён ведаў, дзе той знаходзіўся.

У расійскіх музеях Крыжа і іншых каштоўнасцяў, якія вывезлі з Магілёва, відавочна, няма, — мяркуе Тарасаў.

Сяргей Тарасаў

Пра тое ўжо ў наш час неаднаразова рабіліся запыты.

«Маскоўскім (рускім) музеям гэтыя скарбы, відавочна, не належалі, і прымаць рэчы ў свае фонды ў іх не было ніякіх падстаў, тым больш у ваенны час.

Прымі ў фонды, нясі за іх матэрыяльную адказнасць, а потым трэба будзе аддаваць, што ў музейнай практыцы недазваляльна. Трымаць музейныя каштоўнасці разам з паперамі партыйнага архіву таксама было немагчыма, бо гэта рэчы рознага кшталту і патрабуюць рознага падыходу па захаванні», — піша даследчык.

Між тым у 1997 годзе беларускі рэжысёр Віктар Шавялевіч зняў дакументальны фільм «Шлях да святыні», які быў прысвечаны стварэнню вобраза Крыжа берасцейскім ювелірам Мікалаем Кузьмічом. Для яго ён запісаў тагачаснага кіраўніка БПЦ Філарэта. Побач з ім у кадры знаходзіўся новаствораны Крыж.

«Тут знаходзіцца кропля крыві Хрыста, што запяклася. (…) А часціцу ад крыві Госпада я нечакана для сябе знайшоў у Троіца-Сергіевай Лаўры. У рызніцы Траецкага сабора (…) ёсць палата, дзе сабраныя ўсе святыні. І зусім нядаўна паступіла з дзяржаўнага музея дошка, у якую ўманціраваныя часціцы розных мошчаў (пры гэтым Уладыка рухам рукі паўтарае размяшчэнне мошчаў у Крыжы — заўвага Сяргея Тарасава).

І вось у самай верхняй частцы гэтай дошкі гляджу і вачам не веру напісана: Кроў Госпада.

З блаславення настаяцеля манастыра, патрыярха і яго намесніка, а таксама рызнічнага, я аддзяліў часціцу. З глыбокай павагай прывёз сюды, і тут яна ўкладзеная. Вось тут пад гэтым крыжам часціца крыві Хрыста Збаўцы, што запяклася».

Як каментуе гэтае выказванне Тарасаў?

Філарэт называе пэўнае месца: Троіца-Сергіеўская Лаўра. Настаяцелем гэтага манастыра з'яўляецца Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі. Лаўру вярнулі РПЦ у 1943-м.

На думку Тарасава, «палата, дзе сабраны ўсе святыні», — гэта рызніца Троіцкага сабора.

Ён лічыць, што фраза «дошка нядаўна паступіла з дзяржаўнага музея» не можа быць праўдай.

«Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе і па сёння з расійскіх музеяў царкве — дакладней, алігархам, якія давалі грошы на храм — быў перададзены толькі адзін прадмет: полацкі абраз Адзігітрыі Эфескай. А тут — «нядаўна паступіла», быццам бы па канале музей — царква паступленні вядуцца планава і перыядычна!» — піша даследчык.

«Вы багата, шаноўныя чытачы, ведаеце на тэрыторыі Усходняй Еўропы «дошак», у якія былі б уманціраваныя часцінкі розных мошчаў, а на самым версе (неяк вызначыў жа уладыка, што гэта менавіта верх, а не ніз) кропля Крыві Хрыста і надпіс «КРОВЪХВА»?

Я толькі адну — Крыж Афрасінні Полацкай 1161 года»,

— сцвярджае Тарасаў.

На думку аўтара, Філарэт сказаў праўду: ён аддзяліў часціцу з дазволу патрыярха. Бо без яго з патрыяршай рызніцы нічога не можа быць аддзелена і вынесена.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930