Знайсці
01.06.2024 / 21:122РусŁacБел

Горды горад Крычаў і яго такія розныя гаспадары

Калі пішуць пра горад Крычаў, звычайна ўзгадваюць прозвішча фаварыта расійскай імператрыцы Кацярыны II Рыгора Пацёмкіна. І пры гэтым неяк зусім не згадваецца, што ўплывовы фаварыт падчас свайго кіравання Крычавам перавёў усіх раней вольных жыхароў горада ў стан прыгонных. У кожным разе Крычаў і Пацёмкін былі звязаныя паміж сабой не больш за 14 гадоў. Значна даўжэй гісторыя горада звязана з тутэйшай шляхтай.

Крычаўскі палац Галынскіх. Канец XVIII стагоддзя. Фота: Наша Ніва

Імператрыца Кацярына II падарыла Крычаў свайму каханку Рыгору Пацёмкіну пасля захопу гэтых зямель Расійскай імперыяй у 1772 годзе.

Па старой гістарычнай традыцыі з іменем «найсвятлейшага» князя звязваюць усё выключна станоўчае для Крычава. І буйныя мануфактуры ён тут пабудаваў, і выдатных спецыялістаў выпісаў з-за мяжы, і суднаверф заклаў для патрэбаў Чарнаморскага флоту, і палац велічны пабудаваў. І нават запрасіў у сяло Задобра каля Крычава англійскага філосафа-класіка Іерэмію Бентама, дзе той жыў і працаваў у 1785—1787 гадах (пра гэта пісала ў № 8/2019 «Наша гісторыя»). 

І пры гэтым неяк зусім не згадваецца, што ўплывовы фаварыт падчас свайго кіравання Крычавам перавёў усіх раней вольных жыхароў горада, апроч шляхты і габрэяў, у стан прыгонных. 

У кожным разе, Крычаў і Пацёмкін былі звязаныя паміж сабой не больш за 14 гадоў. Значна даўжэй гісторыя горада звязана з тутэйшай шляхтай. З родам, які пакінуў значны след у культуры, навуцы, грамадскіх і дабрачынных справах не толькі Беларусі, але і свету, — Галынскімі.

Першым быў Ян

Прыкладна ў 1790 годзе Ян Галынскі, які на той час займаў пасаду мсціслаўскага ваяводы (у розныя часы ён таксама займаў пасады магілёўскага і клімавіцкага маршалка), набывае ў Пацёмкіна Крычаўскае староства разам з недабудаваным палацам.

І аб’ядноўвае яго з суседнім маёнткам Халоблін (цяпер Чэрыкаўскі раён), якім валодаў да таго. Узбуйненне было своечасовым, бо ў Яна было пяцёра дзяцей і кожнаму трэба было пакінуць спадчыну. 

Першы ўладар Крычава з роду Галынскіх, Ян. Фота з Гістарычнага музея Крычава.

Галынскі не меў такога вялізнага ўплыву, як Пацёмкін, а таму не мог пры дапамозе ў тым ліку і адміністрацыйнага рэсурсу прасоўваць свой тавар па ўсёй Расійскай імперыі. Таму адразу пасля змены гаспадара прамысловасць Крычаўшчыны значна скарацілася.

Ужо з 1790 года практычна перастала працаваць суднаверф, неўзабаве спыніла дзейнасць канатная мануфактура. Працавалі толькі парусінавыя мануфактуры (адна да 1831-га, а другая да 1845 года), прадукцыя якіх адпраўлялася на марскія і рачныя судны ў Херсон, Крамянчуг, Рыгу, Пецярбург. Засталася таксама буйная вінакурня. Але затое Яну Галынскаму ўдалося надаць палацу, будаўніцтва якога распачалося яшчэ ў 1778 годзе, закончаны выгляд. 

Быў Ян і палымяным патрыётам бацькаўшчыны, пра што сведчаць спробы яго супрацоўніцтва з Напалеонам падчас вайны 1812 года. Для ўнёску ў вызваленне Вялікага Княства Літоўскага ад расійскай акупацыі ён паабяцаў французскаму імператару на свае сродкі сфармаваць атрад добраахвотнікаў і распачаць барацьбу з войскам Міхаіла Кутузава. 

Сваяк Пушкіна

Адзіны сын Яна Галынскага, прамы нашчадак і наступны гаспадар Крычава, Вінцэнт (1770—1831), зрабіў добрую кар’еру пры той уладзе, супраць якой яго бацька патаемна змагаўся. 

У 21 год Вінцэнт пачаў служыць у расійскай арміі, а ў 27 ужо быў палкоўнікам Сібірскага драгунскага палка. На пачатку XIX стагоддзя ён вяртаецца на радзіму і не менш хутка прасоўваецца ўжо па свецкай кар’ернай лесвіцы. У 1808 годзе становіцца маршалкам Магілёўскай губерні, а з 1814-га — сапраўдным стацкім саветнікам, чыноўнікам па асобых даручэннях міністэрства паліцыі, а пазней і старшынёй рады пры міністэрстве ўнутраных спраў. 

У дадатак да гэтага Вінцэнт Галынскі займаўся навукай. Ён аўтар шэрагу перадавых на той час работ па сельскай гаспадарцы і геаграфіі. З 1825 года да самай смерці быў старшынёй аднаго з аддзяленняў Вольнага эканамічнага таварыства.

Вінцэнт Галынскі. Фота з Гістарычнага музея Крычава.

Шчасціла Вінцэнту Галынскаму і ў каханні. У 1806 годзе ён ажаніўся з 12-гадовай Любоўю Ганчаровай-Мардвінавай, стрыечнай сястрой жонкі Аляксандра Пушкіна — Наталлі Ганчаровай.

Перад шлюбам Любоў перахрысцілася ў каталічку і ўзяла імя Эма. Пара пражыла адведзеныя ёй дні ў палкім каханні, пакуль у 1822 годзе ва ўзросце 28 гадоў Любоў-Эма не сканала.

Пахавалі яе ў радавым маёнтку — сяле Пясочанскі Завод Калужскай губерні (цяпер горад Кіраў у расійскай Калужскай вобласці).

У Крычаве ж, якраз насупраць увахода ў палац Галынскіх, няўцешны ўдавец паставіў беламармуровую кампазіцыю ў выглядзе жаночай фігуры са схіленай галавой. На пастаменце надпіс: «Mere de huit enfants» («Маці васьмярых дзяцей»), а таксама лірычны верш па-французску. 

Няўрымслівы «свістун»

Наступнымі ўладарамі Крычава сталі сыны Вінцэнта і Эмы: Стэфан (1815—1878) і Аляксандр (1816—1893). Акрамя зямлі ў Беларусі, ім у спадчыну ад маці засталіся прамысловыя прадпрыемствы ў Расіі. Так што яны былі заможнымі маладымі людзьмі. Але ў той жа час і дэмакратычна арыентаванымі асобамі. 

Аляксандр нават узяў удзел у антырасійскім паўстанні 1830—1831 гадоў, пасля задушэння якога з’ехаў у Еўропу. Там атрымаў адукацыю. На яго сродкі ў Лондане нейкі час выдавалася газета «Польскі дэмакрат». 

А калі Стары Свет яму надакучыў, Аляксандр Галынскі на працяглы час выправіўся ў свет Новы. Амаль цалкам аб’ехаў ЗША (у музеі горада Сакрамента і цяпер захоўваецца карта Каліфорніі, складзеная Галынскім), наведаў Кубу, Гаіці, Мексіку, Нікарагуа, Эквадор, Перу. У Чылі ў 1851 годзе сустракаўся з Ігнатам Дамейкам. Праўда, гэтыя два дзеячы ў чымсьці не сышліся, бо Дамейка ў сваёй перапісцы не вельмі паважліва адазваўся пра «беларускага паніча»: назваў яго «свістуном». Па словах Дамейкі, ледзь паспеўшы з’явіцца ў Санцьяга, Галынскі «паспеў там перасварыць усіх з усімі». Віной таму няўрымслівасць Галынскага, якая раздражняла.

Галынскі цікавіўся і праблемамі навукі і тэхнікі. Напрыклад, ён прапанаваў свой праект Панамскага канала, які на той час яшчэ не быў пракапаны, пісаў пра вялікую будучыню паветраплавання і лічыў, што авіяцыя дапаможа ліквідацыі «ізаляцыі народаў і падтрыманню іх узаемнага сяброўства». 

Вокладка кнігі Аляксандра Галынскага «Каліфорнія», выдадзенай у Брусэлі ў 1853 годзе. Фота з Гістарычнага музея Крычава.

Яшчэ адным і, бадай, галоўным захапленнем Аляксандра Галынскага, акрамя вандровак, была літаратура. Пісаць ён пачаў яшчэ ў Еўропе, прычым публікаваўся па-французску ў буйных выданнях розных краін. Аднак найбольшага росквіту яго літаратурны талент дасягнуў у Амерыцы. 

Стэфан і нашчадкі

Што да Стэфана, роднага брата Аляксандра, то ён яшчэ ў падлеткавым узросце ўзваліў на сябе цяжар кіравання Крычавам — палацам і вялікімі землеўладаннямі.

На бяду, у 1840-х палац часткова згарэў, і Стэфану давялося яго адбудоўваць. Менавіта тады фасад будынка, які першапачаткова быў узведзены ў стылі класіцызму, набыў неагатычныя рысы. Стэфан быў і галоўным фундатарам мураванага касцёла (да сёння не захаваўся), пабудаванага ў 1855—1874 гадах замест драўлянага, знішчанага пажарам. Неардынарнасць гэтага чалавека пацвярджае той факт, што польскі літаратар Яраслаў Івашкевіч прысвяціў яму адзін з найлепшых сваіх твораў — аповесць «Асеннія святкаванні». 

Стэфан меў сыноў Яна і Уладзіслава. Ян атрымаў ад бацькі ў спадчыну мястэчка Кадзін (цяпер вёска Кадзіна Магілёўскага раёна), дзе і пасяліўся. Належалі яму зямельныя надзелы і ў самім Крычаве. Бо ў 1896 годзе ён, неабыякавы да развіцця мястэчка, падарыў мясцоваму рамесніцкаму вучылішчу 30 дзесяцін. 

Малюнкі, якія разам з дзелавымі лістамі і каштоўнымі паперамі былі выпадкова знойдзеныя за ашалёўкай палаца ў 1970-я гады. Хутчэй за ўсё, зробленыя на пачатку XX стагоддзя Юзафам Галынскім. Фота з Гістарычнага музея Крычава. 

Асноўная ж частка крычаўскіх землеўладанняў з навакольнымі фальваркамі і радавым палацам адышла да Уладзіслава, які ажаніўся з Міхалінай Ажэльскай, што паходзіла са збяднелага шляхецкага роду.

Атрымаўшы медыцынскую адукацыю і вярнуўшыся на радзіму, Уладзіслаў займаўся вырошчваннем лекавых раслін, для чаго перасяліўся з Крычава ў маёнтак Задабрасць. Усё астатняе яго цікавіла значна менш, і таму адміністраваннем палаца і маёнткаў займаліся сваякі з боку жонкі.

Рабілі яны гэта несумленна, што прывяло да занядбання радавога гнязда Галынскіх і значнага памяншэння іх землеўладанняў. Напрыканцы XIX стагоддзя крычаўскія маёнткі ахоплівалі толькі 1 588 дзесяцін земляў і лясоў. Браты Ажэльскія распрадавалі не толькі лес і зямлю, але і неацэнныя скарбы, што захоўваліся ў палацы.

У выніку сын Уладзіслава і апошні ўладар Крычава Юзаф (1887—1973) перад пачаткам Першай сусветнай вайны атрымаў у спадчыну толькі пашкоджаны пажарам палац і моцна ўрэзаны кавалак зямлі. Пасля рэвалюцыі 1917 года Юзаф разам з маладой жонкай Ірэнай Лісоўскай з’ехаў у Польшчу. Як аказалася, назаўсёды. Так была пастаўлена кропка ў шматгадовым суіснаванні гордага Крычава і шляхецкага роду Галынскіх. 

Наша гісторыя

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
8
0
Радзівіл /адказаць/
01.06.2024
[Рэд. выдалена]
0
Двухэрнік/адказаць/
02.06.2024
Кр-і-чаў - тут жывуць беларусы-двухэрнікі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031