Знайсці
14.11.2019 / 09:30РусŁacБел

Гадамі хавалася ў лясах, каб ізноў не саслалі

Гісторыю сям’і, знішчанай падчас калектывізацыі, аднавіла кандыдатка гістарычных навук Вольга Іванова. 

Жонка Юльяна, Франя Ранчынская, з нявесткай Марыляй (жонкай Тамаша) і ўнукам Тамашом. 1920-я гады.

«Цётка такая красівая была, што ў чэсцьяе мяне і назвалі»

Вёска Ліпляны знаходзіцца ў самай глушы ўсходняга Палесся на рацэ Убарць, за 4 кіламетры ад Лельчыц. Карэнныя насельнікі вёскі спрадвеку праваслаўныя, нягледзячы на тое, што яе ўладальнікамі на працягу 400 гадоў, да канца XVIII стагоддзя, былі віленскія біскупы. У 1874-м Лельчыцкі маёнтак набыў палкоўнік расійскага войска, уладальнік літоўскай Палангі Юзаф Тышкевіч. Гэта было выключнай падзеяй, бо пасля паўстання асобам «польскага паходжання» (а на справе — усім каталікам) забаранялася набыццё земляў у заходніх губернях. Відаць, для Тышкевіча зрабіў выключэнне сам імператар.

Пасля смерці бацькі маёнткі ўспадкаваў ягоны сын Фелікс. Пры ім на бедных пясчаніках вакол Лельчыц сталі сяліцца малазямельныя польскія сяляне з прозвішчамі Хамутоўскі, Неўмяржыцкі, Зелязінскі, Цалка, Бароўскі, Рагажынскі, Таргонскі…

Юльян Ранчынскі, млынар вёскі Ліпляны. 1920-я гады.

Тады ж і ў Ліплянах з’явілася каталіцкая сям’я Ранчынскіх — Юльян з жонкай Франяй і дзецьмі. Ранчынскіх празвалі «меляхамі» — млынарамі. Юльян з сынамі пабудаваў вадзяны млын, першая згадка пра які адносіцца да 1897 года. Цяпер ад яго засталіся толькі пáлі.

Юльянава ўнучка Адэля, 1926 года нараджэння, цяпер жыве ў Салігорску, праўнукі Георгій і Алена Казачэнкі — у Мінску. Адэля Ранчынская ўспамінае: «Іх была вялікая сям’я. Было чатыры хлопцы і чатыры дзеўкі ў самога дзеда. Майго бацьку звалі Юзік, брат быў Ян, Томаш і Адам. Чатыры сыны. Дочкі то я так не назаву. Толькі адну звалі так, як мяне, Адэля. Тая цётка, бацькава сястра, была сільна красівая. Такая красівая была, што ў чэсць яе і назвалі».

Прыезд Ранчынскіх з Польшчы — толькі адна з версій. Ёсць сведчанні, што яны на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў перабраліся ў Ліпляны з недалёкага Давыд-Гарадка. Як бы там ні было, Ранчынскія былі носьбітамі польскай культуры і цвёрда трымаліся традыцыі. Старэйшыя людзі ва ўспамінах вызначаюць палякаў як людзей, якія лепш апраналіся, мелі больш дагледжаныя, вялікія і заможныя гаспадаркі, урачысцей адзначалі рэлігійныя святы.

«Іх была вялікая сям’я»

Юльян і Франя мелі чатырох cыноў — Яна, Юзафа, Тамаша, Адама — і чатырох дачок — Тэклю, Мальвіну, Адэлю і Юзэфу.

Юзэфа Ранчынская з мужам, ліплянскім настаўнікам Нягрэем Кучынскім. 1920-я гады.

Да канца 1920-х гадоў, калі савецкая ўлада распачала ў Ліплянах калектывізацыю, дзве дачкі Ранчынскіх жылі за мяжой: Адэля выехала з мужам у Гданьск, там ужо жыла яе старэйшая сястра Мальвіна. Астатнія жылі ў роднай вёсцы. Старэйшыя ўжо мелі свае хаты, а малодшыя яшчэ жылі з бацькамі.

Маючы такую вялікую сям’ю, Ранчынскія давалі рады сваёй немалой гаспадарцы ды млыну.

«Прыехалі чужыя дый забралі»

Раскулачванне ў Лельчыцкім раёне пачалі праводзіць са студзеня 1929 года. У Ліплянах сям’ю Ранчынскіх аднеслі да кулакоў найперш. Юльян плаціў у казну падатак 440 рублёў з вялікай сям’і, і гэта стала падставай для раскулачвання. Вось як згадвае тыя падзеі Адэля, якой тады было ўсяго тры гады: «Маці казала, што як раскулачылі, то прыйшлі высяляць. А я ўзяла рэшата малое, па хаце хаджу з гэтым рэшатам, да кажу: «Прыйшлі выкідаць кулакоў з хаты!»».

Ліплянцы спачувалі «меляхам». Алена Казачэнка ўспамінала са словаў маці, што, «калі іх рэпрэсавалі, пасадзілі на падводы, людзі ішлі і плакалі. Іх любілі ў вёсцы. А прыехалі чужыя дый забралі».

Забралі адразу чатырох Юльянавых сыноў. Больш іх ніхто не бачыў. Кажуць толькі, што Адам нібыта праз некалькі гадоў на кароткі час прыехаў, але потым з’ехаў на залатыя прыіскі.

Сем’і Яна і Тамаша, дачку Тэклю, а таксама старых Юльяна і Франю, якім было ўжо пад восемдзесят, адправілі ў Пермскі край, а сям’ю Юзафа — у паўночны Котлас. Старыя памерлі ў цягніку, іх целы выкінулі па дарозе.

Цяжкое вяртанне

Праўда, прабылі высланыя ў тых суровых мясцінах нядоўга. Па Марылю і Ганну прыехалі браты, і жанчынам нейкім дзівам удалося адтуль уцячы. Хоць вяртацца не было куды. Тры дамы Ранчынскіх, гумно, хлеў, пяць кароў, двух коней, двух валоў, свіней і авечак канфіскаваў калгас. У адным з дамоў зрабілі школу, у другім — калгасную кантору, у трэці засяліліся шматдзетныя аднавяскоўцы.

Расказвае ўнучка Марылі: «Бабуля вярнулася ў Ліпляны, хавалася ў лясах некалькі першых гадоў, каб ізноў не саслалі. Дзяцей раздала па сваяках». Пасля ёй пашчасціла ўладкавацца даяркай і атрымаць пакой. Жыла ў сваёй жа хаце разам з чужымі людзьмі.

Другая нявестка «меляха» Юльяна, Ганна, адразу пасля вяртання пераехала да сястры ў Мазырскі раён і выйшла замуж паўторна. Усе кантакты і з Ранчынскімі, і з Ліплянамі яна перарвала.

Загадка самагубства

Таямнічым аказаўся лёс Юзэфы, малодшай дачкі. Па адной версіі, яна, не вытрымаўшы цкавання, застрэлілася, па другой — загінула пры спробе арышту. Паводле сямейнай легенды, калі іх з мужам прыйшлі арыштоўваць, яны паспрабавалі ўцячы на лодцы, энкавэдысты за імі пагналіся і застрэлілі.

Цалкам верагодна, што версію пра самагубства прыдумалі ўлады, каб не дапусціць антысавецкіх выступленняў. У гэты час у раёне ўжо дзейнічалі некалькі ўзброеных атрадаў з вяскоўцаў, якія сышлі ў лясы і балоты ад раскулачвання.

Тым больш што зусім няма сведчанняў пра канфлікты паміж сям’ёй млынара і ліплянцамі, пра цкаванні, якія маглі давесці да самагубства. Нават у афіцыйных дакументах адзначалася, што вяскоўцы «пасіўна ўдзельнічаюць у кампаніях па раскулачванні, плачуць па кулаках і адмаўляюцца прымаць у калгас іх маёмасць».

«Пражылі пад страхам усю жызнь»

Тыя Ранчынскія, якія вярнуліся ў вёску, захавалі прыхільнасць вяскоўцаў. Дочкі Марылі былі зайздроснымі нявестамі. Адна з іх, Станіслава, стала настаўніцай, пра якую часта згадваюць былыя вучні. Пасля вайны яна выйшла замуж за ліплянца Васіля Казачэнку, будучага дырэктара школы. Але нават пасля замужжа, пратэстуючы супраць несправядлівасці ў дачыненні да бацькоўскай сям’і, яна прынцыпова пакінула сваё дзявочае прозвішча, катэгарычна адмаўлялася хадзіць на выбары. Аднак і расказваць дзецям сямейную гісторыю не любіла і не хацела: «Ой, навошта вам гэта ведаць! Не дай Бог вам гэтага! Не хачу нават казаць!» Тыя падзеі пасялілі нават у гэтых моцных людзях вялікі страх, які застаўся на ўсё жыццё.

Станіслава Янаўна Ранчынская з вучнямі. 1960-я гады.

 ***

Гісторыя сям’і Ранчынскіх увайшла ў кнігу Вольгі Івановай «Ліпляны. Біяграфія і штодзённасць беларускай вёскі», якая выйдзе ў свет увосень 2019 года. 

Вольга Іванова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031