Знайсці
15.07.2017 / 11:3283РусŁacБел

Макей на З'ездзе беларусаў свету: Давайце кіравацца логікай карпарацыі

15 ліпеня ў Мінску адкрыўся сёмы З'езд беларусаў свету. На яго з'ехаліся беларусы дыяспары больш чым з 20 краін. Такі форум адбываецца раз на чатыры гады.

Ад уладаў сёлета удзельнікаў вітаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. На папярэдніх форумах, як правіла, з вітальным словам выступаў міністр культуры. Зрэшты, на пачатку 90-х на з'езды прыходзіў кіраўнік дзяржавы.

Сярод прысутных у зале — першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, паэт Анатоль Вярцінскі, прафесар Леанід Лыч, гісторык Уладзімір Арлоў, палітык Павел Севярынец, легендарны сцяганосец Ніна Багінская і многія-многія іншыя.

Мадэруе сёлетнюю сустрэчу дэпутат Алена Анісім.

Першым узяў слова Радзім Гарэцкі, які восем гадоў з’яўляўся прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Ён нагадаў, што 2017 год багаты на значныя юбілеі. Далей удзельнікаў віталі кіраўнік МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская.

Кіраўнік МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская.

Адным з першых на з’ездзе выступіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Выступ Уладзіміра Макея выклікаў абмеркаванні ў сацыяльных сетках. 

«Для мяне вялікі гонар і задавальненне выступаць на найбуйнейшым, важным для нашай краіны форуме, які сабраў удзельнікаў з больш чым 20 дзяржаў свету — пачаў прамову ён. — Так сталася, што мы з вамі жывём сёння ў розных дзяржавах, у розных культурных асяроддзях. Але ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас. Тое, што з’яўляецца нябачнай, але вельмі трывалай повяззю. Гэта любоў да Беларусі, да яе культуры, традыцый, духоўнай спадчыны».

Макей некалькі разоў падчас выступу падкрэсліў сваю ўдзячнасць удзельнікам сходу за тое, што беларускія традыцыі сталі гучаць мацней.

«У апошнія гады ў Беларусі адрадзіліся традыцыі беларускай вышыванкі. Яе арнаменты — гэта сімвалы міру, дабра, згоды, што заўсёды было галоўным для беларусаў. І выдатна, што гэтыя традыцыі знаходзяць глыбокі водгук у нашай моладзі. З вялікім энтузіязмам падтрымліваюцца беларусамі замежжа. Ведаеце, што вельмі важна для нашай дзяржавы… Нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай, незалежнай дзяржаве. У іх свае погляды на жыццё, сваё разуменне будучыні нашай краіны. Але тое, што больш за 70 адсоткаў падтрымліваюць існаванне самастойнай незалежнай дзяржавы, хочуць жыць у самастойнай незалежнай дзяржаве — гэта многае значыць». 

Ён дадаў, што Мінск гатовы быць перамоўнай пляцоўкай, і што толькі згуртаванасць і салідарнасць могуць прадухіліць развіццё далейшай канфрантацыі ў свеце.

Макей агучыў, што прыкладна 3-4 мільёны беларусаў цяпер жывуць за мяжой. На яго думку, гэта мяккая, але магутная велізарная сіла, якая гэтак жа можа спрыяць умацаванню і росквіту Беларусі.

«Мы ўсе розныя. Я згодны са спадарыняй Шыдлоўскай, якая таксама звярнула на гэта ўвагу. У кожнага з нас свой погляд на жыццё краіны. І я лічу гэта нармальным. Я не заклікаю вас спяваць панегірыкі ўладзе, усхваляць кагосьці ці штосьці. У гэтым вы можаце вызначыцца самі. Але кожны з нас можа штосьці зрабіць дзеля нашай галоўнай мэты — умацавання незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта патрабуе ад нас аб’яднання перад знешнімі і ўнутранымі выклікамі».

Міністр адзначыў, што разам беларусы могуць зрабіць для краіны многае.

«Мы павінны развіваць нашу культуру, развіваць мову, нашы традыцыі. Мы павінны звярнуць увагу на вяртанне культурных каштоўнасцяў. Мы можам шмат што зрабіць у эканоміцы, у палітыцы, аб’ектыўна расказваць пра тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне», — сказаў Макей.

Напрыканцы прамовы міністр звярнуўся да будучыні краіны.

«Што тычыцца таго, як мы павінны жыць далей, як краіна павінна развівацца далей. Зноў жа, у кожнага свой погляд. Але я тут згодны са Святланай Алексіевіч, якая аднойчы сказала, што, напэўна, досыць войнаў, досыць рэвалюцый. Мы павінны зрабіць усё, каб наша краіна развівалася эвалюцыйным шляхам. Логіка канфрантацыі павінна адысці ў мінулае. Мы павінны кіравацца логікай карпарацыі. Мы павінны ад менталітэту супрацьстаяння перайсці да менталітэту партнёрства. Іншага шляху няма».

Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера