Знайсці
23.06.2016 / 13:4021РусŁacБел

РПЦ хоча перайменаваць магілёўскую плошчу ў гонар епіскапа, які выступаў за далучэнне да Расіі

На сайце «Магілёўскіх ведамасцяў» з'явілася паведамленне пра тое, што Магілёўская епархія звярнулася да гарадскіх уладаў з просьбаю перайменаваць плошчу Арджанікідзе ў гонар праваслаўнага епіскапа XVIII стагоддзя Георгія Каніскага. 

«Імя выбітнога праваслаўнага і грамадскага дзеяча, пісьменніка Георгія Каніскага шчыльна звязана з Магілёвам: у 1755 годзе яго пасвяцілі ў сан епіскапа Магілёўскага, ён актыўна змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на беларускай зямлі», — прыводзіць аргументацыю епархіі газета. 

Апроч таго, епархія прапануе замацаваць памяць пра гэтага чалавека памятнай шыльдай ці нават помнікам на плошчы. 

Паведамляецца таксама, што гарадскія ўлады плануюць неўзабаве абмеркаваць гэтую прапанову. 

Хто такі гэты Каніскі? 

Этнічны ўкраінец з-пад Нежына, які атрымаў Магілёўскую кафедру ў вельмі няпросты час для Рэчы Паспалітай. 

У сённяшняй тэрміналогіі Каніскі стаў агентам уплыву Крамля — ягонае «змаганне» за праваслаўе выказвалася ў тым, што ён ездзіў на прыёмы да імператрыцы Екацярыны і ад імя праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага прасіў увесці войскі ў нашую тагачасную дзяржаву. 

Яго тройчы спрабавала забіць шляхта — але кожны раз ён уратоўваўся, то замкнуўшыся ў падвале, то ўцёкшы ў возе з гноем. 

Калі Расійская імперыя, Прусія, Аўстрыя ў 1767 годзе шукалі шляхоў умяшацца ў справы Рэчы Паспалітай, Кацярына ІІ разыграла «карту дысідэнтаў», стварыўшы Слуцкую канфедэрацыю, да якой на дапамогу адправілася шматтысячнае імперскае войска.

У Слуцкай канфедэрацыі Каніскі быў шэрым кардыналам. 

У выніку пачалася грамадзянская вайна, і Каніскі ўцёк у Расійскую імперыю. Вярнуўся ён толькі пасля падзелу Рэчы Паспалітай. 

Таксама Каніскі лічыцца адным з прадцечаў тэорыі заходнерусізму, згодна з якой беларусы лічацца часткай рускага народу. 

Гісторык Аляксандр Краўцэвіч да ініцыятывы Магілёўскай епархіі ставіцца скептычна: «Хочуць памяняць шыла на мыла. Савецкага дзеяча змяніць на імперскага. А дзе ж беларускасць? Трэба абраць іншую асобу, якая больш заслужаная для Магілёва — такіх не бракуе». 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера