АНТ запусціла ў прайм-тайм ток-шоу з Вадзімам Гігіным
Праграма ідзе па панядзелках на месцы «Выбару».
Тэлеканал АНТ пачаў новы тэлевізійны сезон з новага ток-шоу «Пазіцыя».
Ні студыя, ні антураж не адрозніваецца ад ранейшых панядзелкавых «грамадска-палітычных» праграм на АНТ.
Ток-шоу «Выбар» ішло ў 2003-2010, ягоным апошнім вядучым быў Сяргей Дарафееў. Пасля скандальнага выпуска праграмы ў ноч прэзідэнцкіх выбараў праграма была закрытая, а пасля замененая на няўцямны «Адкрыты фармат».
І вось прэм'ера. Увагі заслугоўвае вядучы. Гэта тэледэбют ідэолага Вадзім Гігіна.
Першую перадачу прысвяцілі «нацыянальнай годнасці» і яе абароне падчас канфлікту з «Уралкаліем».
У эфір паклікалі намесніка старшыні ЛДПБ Гайдукевіча-малодшага, намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенку, прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных, а таксама эканаміста Яраслава Раманчука.
На галасаванне было пастаўлена пытанне: «Ці падтрымліваеце вы жорсткія меры для абароны нацыянальных інтарэсаў?». У ім прыняло ўдзел усяго каля 5 тысяч гледачоў (званок быў бясплатным). З іх 66% выказаліся «за» жорсткасць, 34% - «супраць».
Беларуская мова прагучала ў эфіры толькі аднойчы - у вулічным апытанні тэлевізіёншчыкі выпадкова злавілі ў кадр паэта Андрэя Хадановіча.





