Знайсці
06.04.2013 / 22:5913РусŁacБел

З жырандоляй на галаве: у Мінску праходзіць MSK Fashion Week

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь стаў пляцоўкай для правядзення першага сезона MSK Fashion Week.

Якуб Колас строга пазірае з карціны Стэльмашонка на мітусню, якая пануе на другім паверсе новага зала ў Палацы мастацтваў. Звыклы супакой, у якім штодня знаходзяцца працы Вашчанкі, Сумарава і Данцыга, разбівае гучная электронная музыка, якую старанна выводзіць дыджэй. Адзінае, што нагадвае пра звычайныя будні музея і не дае канчаткова знішчыць яго атмасферу -гэта «жанчыны-статуэткі», якія ціха і непахісна сядзяць у сваіх крэслах каля кожнай з выставачных залаў і як тыя абярэгі ахоўваюць мастацтва мінулых стагоддзяў ад «небяспечнага» ўплыву экстравагантных асоб, што ходзяць туды-сюды і парушаюць цішыню. Гэтае атмасфера — сутыкненне ў адной прасторы тэндэнцыйнасці сучаснай моды з артадаксальным мастацтвам — уводзіць цябе ў лёгкае замяшанне.

MSK Fashion Week — новы праект, які не мае нічога супольнага з Belarus Fashion Week. Яго мэтай, як і ў пераважнай большасці тыдняў моды, заўсёды з’яўляецца папулярызацыя і падтрымка беларускіх дызайнераў, папулярызацыя дызайнерскага адзення сярод насельніцтва Беларусі, а самае галоўнае — прыцягненне замежных кліентаў, інвестараў і баераў (даслоўна — «закупшчыкаў»), якія фармуюць асартыменты закупаў у крамах.

Што да праграмы праекту, які 4 дні будзе скалынаць Мастацкі музей, то яна ўключае модныя паказы, а таксама адукацыйны блок, у рамках якога пройдуць лекцыі, майстар-класы, прэзентацыі ад прафесіяналаў у галіне візажу, цырульніцкага мастацтва, фатаграфіі, журналістыкі, моды і стылю. У рамках Тыдня пройдуць паказы як айчынных, так і запрошаных дызайнераў.

Паказы на MSK Fashion Week маюць закрыты характар і трапіць туды можна толькі па запрашэннях. У апошнія дні перад паказамі было выдадзена невялікая колькасць квіткоў на продаж, але не паўсюль іх можна знайсці.
Таму з тым, як праз праект плануецца папулярызаваць дызайнерскае адзенне сярод насельніцтва Беларусі, не зусім зразумела. Але самі арганізатары кажуць, што «асноўнай мэтай MSK Fashion Week з’яўляецца правядзення бізнес-дыялогуfashion-экспертаў». Ці, калі казаць проста, сябе паказаць і на другіх паглядзець.

Першы дзень паказаў адбываўся без асаблівых накладак, тое, што анансаваны час пачатку паказаў затрымліваўся на паўгадзіны, стала нормай на ўсіх модных паказах і не выклікала здзіўлення ці абурэння, дый кожнаму было лёгка знайсці чым заняцца: ад магчымасці бясплатна пахадзіць і паглядзець экспазіцыі, прадстаўленыя ў музеі, сканчваючы майстар-класамі па нанясенні макіяжу. Запрошаных людзей было шмат, але абыходзілася без затораў і таўкатні, толькі часам можна было заўважыць, што некаторым «патрэбным» гасцям бракавала месца і арганізатары бегалі ў пошуках вольных месцаў ці крэслаў.

Адкрывала MSK Fashion Week маладая дызайнерка Валянціна Няборская.

Перад яе паказам мы трапілі ў грымёрку і паглядзелі ў на тое, што адбываецца за кулісамі — якая атмасфера там пануе і як увогуле рыхтуюць мадэляў.

У першыя секунды разабрацца ў тым, што адбываецца навокал, даволі складана. З вялікімі прычоскамі, у дзіўных, у нечым казачных касцюмах з невялічкім адценнем японскай каларыстыкі паўсюль рухаюцца дзіўныя «стварэнні», іх фарбуюць, камусьці падпраўляюць прычоскі, хтосьці фоткаецца, а хтосьці псіхуе. Але пры ўсёй хаатычнасці дзеянняў і крыкаў арганізатара, што адзін спазняецца, другі не прыйшоў ці зрабіў нешта праз «пятую кропку», усе дзеянні маюць структураваны характар. Паветра прасякнута эмоцыямі і энергіяй, якая ідзе ад кожнага.

Энергія, дарэчы, узялася не з пустога месца, практычна ў кожнага ў руках бляшанка энергетычнага напою, часам нават не адна.
Перад паказам хвалююцца ўсе, як мадэлі, так і дызайнерка Валянціна Няборская. Яна падыходзіць да мадэляў і, як клапатлівая матуля, пяшчотна папраўляе касцюмы і раздае апошнія ўказанні.

Яе калекцыя мае назву «Згубленыя ў тумане надзеяў». «Гэта не проста мода дзеля моды, гэта не проста пафас. Для мяне гэта перадусім мастацтва, праз якое можна гаварыць. І я хачу, каб кожны з тых, хто прыйшоў паглядзець гэты паказ, адчуў тыя эмоцыі, якія я ўклала ў кожны з касцюмаў», — тлумачыць яна.

Акрамя самой калекцыі, якая складаецца з дзесяці мужчынскіх і дзесяці жаночых вобразаў, былі паказаны касцюмы для акцёраў тэатра, якія выступілі ў міні-шоу падчас паказу і выклікалі безліч эмоцый у гледачоў.

«Я думала, што будуць прылізаныя гламурныя цёткі, а тут такі фармат цікавы, такі пасыл. Нечакана,« — дзяліліся сваімі ўражаннямі пасля паказу дзяўчаты.

Пасля Няборскай былі паказы дызайн студыі PaRus JEANS, калекцыя якіх была прадстаўлена з джынсавых касцюмаў ды касцюмаў спартыўнага пакрою. Яна прызначалася для свабодных і актыўных людзей. Гэты паказ запомніўся «прыгожай дзяўчынай з голым торсам», якую абмяркоўвалі з вялікай ахвотай.

Трэці паказ прадстаўляла DRAGOTSENNAYA ANNA. «У святле сафітаў, з урачыстай вышыні сцэны або на ўзроўні вачэй, на адлегласці выцягнутай рукі ў рытме будных дзён — не змяняйце твару, мяняйце сукенку» Калекцыя сапраўды была прадстаўленнем «у святле сафітаў»: па чырвонай дарожцы мадэлі ў атласных урачыстых сукенках часам са стразамі, часам з каронай і нават спецыфічнай «жырандоляй» на галаве «бліскалі» перад экспертамі і гледачамі.

Пасля паказаў людзі не спяшаліся разыходзіцца. Хтосьці рабіў на памяць фота на фоне модных банэраў, хтосьці абмяркоўваў паказы і толькі «жанчыны-статуэткі» як сядзелі, так і засталіся сядзець.

Арганізаваць першы дзень з яго fashion-мерапрыемствамі ў арганізатараў удалося даволі добра. Што да вынікаў і ўплыву на індустрыю моды, то судзіць не нам. На гэта ёсць спецыялісты і людзі, якія наведваюць паказы, лекцыі, майстар-класы і старанна імкнуцца выцягнуць «за вушы» тое, што ў свеце імянуецца «модай».

Вольга Гарапучык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031